ПАВО́ЛЬНЫЯ НЕЙТРО́НЫ,

нейтроны з кінетычнай энергіяй, умоўна меншай за 100 кэВ. П.н. з кінетычнай энергіяй, большай за 10 кэВ, атрымліваюць з дапамогай паскаральнікаў зараджаных часціц; іх энергія рэгулюецца зменамі напружання паскарэння пратонаў. Нейтроны з меншай энергіяй выдзяляюць з нейтронных пучкоў з дапамогай спец. фільтраў. Нейтроны з энергіяй, большай за 100 кэВ, наз. хуткімі нейтронамі; для іх запавольвання выкарыстоўваюцца запавольнікі (вада, графіт і інш.; гл. Запавольванне нейтронаў). Дэтэктыраванне П.н. праводзіцца на аснове рэгістрацыі прадуктаў выкліканых імі ядз. рэакцый (гл. Дэтэктары ядзернага выпрамянення). П.н. выкарыстоўваюцца для атрымання ланцуговай ядзернай рэакцыі, структурных даследаванняў крышталяў (гл. Нейтронаграфія), вывучэння ўласцівасцей ўзбуджэння ядз. узроўняў на аснове нейтронных рэзанансаў (гл. Мёсбаўэра эфект) і інш.

т. 11, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)